Творчая асоба

Творчы сьвярбёж у далоньках

Сёлета я маю нейкі неверагодны запал творчасьці - рукі ажно гараць энэргіяй нешта стварыць. Вось новы выраб. Торба для чаго заўгодна, плеценая шыдэлкам. Прыкладныя памеры: 26х34х24. Але расьцягваецца, калі пакласьці шмат рэчаў ;)

Калі каму трэба - зьвяртайцеся :)
torba_sydelak
Творчая асоба

Перадсьвяточнае

Пакуль я шукала сябе ў жыцьці, пакуль гублялася ў ягоных варунках, пакуль прыходзіла да сябе, прыгаломшаная рознымі падзеямі, дык амаль год мінуў з таго часу, як я апошні раз пісала ў сваім часапісе... Але год гэты быў для мяне плённы :). Цяпер я магу паказаць невялічкую (няпоўную) калекцыю маіх вышыванак, а таксама паказаць частку іншай маёй творчасьці - вязаныя торбачкі для мабільнікаў (а можна й акуляры пакласьці, грошы, ключы - карацей, розную драбязу, дзеля якой ня хочацца браць торбу ці ўсё гэта расьпіхваць па кішэнях).

Калі хто хоча зрабіць сваім дарагім кабеткам такі прыгожы падарунак - зьвяртайцеся, бо хутка ж прыйдзе сьвята Вясны :)


bukiet
Букет, 42х42 см

chata
Хата, 57х38 см

ruzy
Ружы, 40х30 см

tanga
Танга ў Парыжы, 28х38 см

vauki
Сям'я, 24.5х35 см

torbacki
Торбачкі
Творчая асоба

Шампань жыцьця

...побач можа быть увесь сьвет, але пачувацьмесься дарма што самотна... Што ратуе ў хвіліны самоты ды пагмурнага гумору - голас Гуліё Іглесіяса, які ліецца ў душу, бы залацісты з дыямантавымі яскаркамі, з маленечкімі бурбалкамі чароўны шампань... Паўнагучча, суладнасьць музыкі ды голасу ахінае душу, поўніць сэрца, уздымае яго да нябёсаў, поўніць морам пачуцьцяў; нават нешта казыча ў грудзёх, перацякае далавах, нібы знутра надзьмувае ды расчыняе, ажно забываесься на цела - зараз ты нешта бязважкае, зараз ты сьвятло ў этэры, якое лунае па-над жыцьцём ды цешыцца шчасьцем...

А вось і келіх чароўнага, рамантычнага шампаню:

http://www.youtube.com/watch?v=f3VKoVdapDE
Творчая асоба

Здраўка Чоліч Абдымі мяне

http://www.youtube.com/watch?v=dzccNbgQZHA
АБДЫМІ МЯНЕ

Ня мусіш мне казаць нічога:
ані тваё імя, ані тваю мінуласьць.
Калі табе прасьцей так будзе,
абдымі мяне, абдымі мяне!

Я вазьму цябе на рукі,
каб бараніць сярод зімы.
Сагрэю цябе целам -
абдымі мяне, абдымі мяне!

Абдымі мяне за шыю,
віхура ўзьнімецца хутка.
Не нашкодзіць табе вецер,
калі бліжэй падойдзеш,
калі бліжэй падойдзеш,
калі бліжэй падойдзеш...

Скраў бы шчасьце для нас
,
купіў бы, але няма за што...
Адзінае маё багацьце - гэта ты.
Абдымі мяне, абдымі мяне!

Ня трэба табе, дарагая,
гэтыя песьні, гэтыя рыфмы,
лепшае, што мажліва, -
абдымі мяне, абдымі мяне!
Творчая асоба

добрай раніцы :)

Я прачынаюся пад званы брэлянскае царквы. Сонца ўваходзіць да мяне ў пакой, спрабуе зазірнуць у вочы. Гудзіць, адыходзячы ад суседняга месца, вялікі карабель, агалошваючы пачатак новай вандроўкі па моры. Я ўяўляю, як караблёвая каманда спрактыкавана, лагодна працуе, расчыняючыся ў энэргіі любасьці людзей ды прыроды; я ўяўляю, які лагодны настрой маюць паязджане, як яны спадзяюцца на вялікую прыемнасьць, а можа нават і цуд - паветра поўніцца добрым гуморам...

Я малімонюся ў ложку, разважаючы пра тое, ці ўжо ўставаць, ці павярнуцца на другі бок ды спаць далей. Але ня сьпіцца. Тады я пачынаю думаць, бо хочацца шчэ пабыць у ложку.

... штораніцы я думаю пра тое, як пачынаецца кожны новы дзень новае жыцьцё, як дзіўна ў ім усё спалучаецца; як добра робіцца на сэрцы праз разнастайныя гукі навакольля, жыцьця, у якім і я.

Я слухаю, як бягуць па бальшаку колы; адчуваю, як імкнуцца даць рады сваім справам кіроўцы, як яны сьпяшаюцца, як раздражняюцца, калі сустракаюць на сваім шляху перашкоды...  Я чую, як прачынаюцца дзеткі ў суседнім пакоі, як радуюцца новаму дню; я адчуваю, як іхныя бацькі ставяцца да іх зь любасьцяй, з каханьнем адно да аднаго, з радасьцяй да жыцьця... Я чую, як лагодна ўваходзіць у новы дзень кабета, якая жыве ў хаце насупроць праз бальшак; яна аглядаецца ў надворку, вітае знаёмцы, распавядае ім нешта з сваіх пачуцьцяў ды падзеяў, пытаецца іх за жыцьцё, слухае, рэагуе... Я чую, як пакаёўкі сьпяшаюцца даць рады кожнаму пакою; я адчуваю іхную заклапочанасьць ды засяроджанасьць на мэце; яны перагукваюцца адна з адной ці, сустракаючыся ў калідоры, гучна дзеляцца праблемамі, абураюцца, непакояцца ды сьпяшаюцца... А мешкаванцы гатэлю зьбіраюцца да сьняданку, грукаюць дзьвярыма, вітаюць суседзі, пакаёўкі... Нехта раніцай зьязджае, бо чуваць куфары, якія хутка цягнуць па кафлянай падлозе калідору; у надворак заязджае вялікі аўтобус, чмыхае, чакае на паязджане пад гукі гучнага рухавіку... І раптам людзі ды машыны зьнікаюць - нейкія імгненьні сола прыроды: сьпеў птушак пад шапаценьне лісьця...

Разважаючы пра гэта, слухаючы жыцьцё, я пакрысе ўваходжу ў новы дзень, канчаткова прабуджаюся, устаю ды пачынаю жыць. А жыцьцё само кліча ўзяць у ім удзел, бо зьвініць мабільнік. Я вітаю кожнага, хто зазірнуў да мяне праз тэлефанаваньне, сьмешкам, уяўляючы, як суразмоўца, мажліва, тоесна мне пачуваецца гэтай раніцай, як яму добра праз тое, што сёньня, новым днём, можна пачаць новае жыцьцё, што яго ласкава вітаюць... І лагодны настрой праз сьмешак ды ветлівасьць па ланцужку распаўсюджваецца, сьцішае таго, хто ўжо пасьпеў усхвалявацца, ды бяжыць далей, каб скончыць свой чарговы дзень у ложку, зь якога ён і пачаўся...